Скарбнiца
Гэты праект ствараюць людзі, улюбёныя ў гісторыю сваёй краіны. Цыкл распавядае аб старажытнай гісторыі і архітэктуры Беларусі. Белтэлерадыёкампанія і рэгіянальныя ТРК Магілёва, Віцебска, Брэста, Гродна і Гомеля аб'ядналіся ў жаданні адшукаць і паказаць усе скарбы роднай краіны.
Скарбнiца Міншчыны
Касцёл Божага Цела
Нясвіжскі касцёл Божага Цела - першы помнік стылю барока ва Усходняй Еўропе. Пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара ў 1593 годзе. Уражваюць роспісы ўнутры храма, якія сучаснікі па праве лічылі "цудам свету". У крыпце храма размешчаны радавы склеп Радзівілаў. Першае пахаванне датуецца 1616-м, апошняе - 2000-м годам.
Гэта праграма задаволіць Вашу цікавасць аповедам аб стварэнні святыні - езуіцкага касцёла Божага Цела. Вобразы князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, архітэктара Джана Марыя Бернардоні і беларускага дойліда Іаана Франкевіча выклічуць у Вас пачуццё гонару.
Скарбнiца Магілёўшчыны
Магілёўская ратуша. Сімвал адраджэння.
Магілёўская ратуша - сімвал горада над Дняпром. Пасля прыняцця горадам Магдэбургскага права ў 1577 годзе гараджанамі была пабудавана ратуша. Яна неаднаразова руйнавалася і аднаўлялася з нябыту. Ратуша прымала каранаваных асоб - Карла ХІІ, Пятра І. Перш будынак быў самым высокім у горадзе, і ў 1780 годзе з яе назіральнай пляцоўкі Магілёвам любаваліся руская імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Франц-Іосіф II. Наведвалі Магілёўскую ратушу знакамітыя пісьменнікі - Аляксандр Пушкін, Мікалай Гогаль, Тарас Шаўчэнка.
Скарбнiца Гарадзеншчыны
Мірскі замак. Сярэдневякоўе, якое ажыло.
Які замак можна лічыць нацыянальным знакам Беларусі? Вядома, Мірскі замак! Старажытны і сучасны, ён уражвае сваёй выключнай прыгажосцю і магутнасцю. Некалі валодалі ім высакародныя прозвішчы - Радзівілы, Вітгенштэйны, Святаполк-Мірскія. А залажыў будаўніцтва ў 1520-я гады князь Юрый Ільініч як родавую рэзідэнцыю-крэпасць. Мірскі замак любяць беларусы, ён унікальны сваімі эстэтычнымі, архітэктурнымі і інжынернымі якасцямі. Ён - неацэнная і красамоўная сведка гістарычных і культурных падзей, якія адбываліся ў Беларусі за апошнія пяць стагоддзяў і адбываюцца сёння.
Скарбнiца Берасцейшчыны
Брэсцкая крэпасць. Каменны вартавы мяжы.
За сваю багатую гісторыю Брэст-Літоўск неаднаразова аказваўся ў паласе ваенных дзеянняў. На месцы старога горада ля ўпадзення ракі Мухавец у Заходні Буг было збудавана магутнае ўмацаванне - Брэсцкая крэпасць. У розны час праектам, будынкам і далейшай трансфармацыяй перадавых умацаванняў займаліся інжынер і ваенны тапограф Карл Оперман, самы знакаміты інжынер XIX стагоддзя, генерал Эдуард Тотлебен, а Свята-Мікалаеўскі праваслаўны храм стварыў архітэктар і акадэмік Давід Грым. Каменны вартавы мяжы ў розны час служыў казармай і палітычнай турмой, ваеннымі складамі і месцам для перамоў. 3 сакавіка 1918 года ў ім быў заключаны Брэсцкі мір.
Скарбніца Гомельшчыны
Сонечны горад Мікалая Румянцева
Гомель – даволі стары горад – выглядае молада: за апошнія дзесяцігоддзі павырасталі цэлыя раены шматпавярховак. Аднак мы адправімся ў цікавае тэлепадарожжа па старых кварталах таго Гомеля, што быў задуманы Мікалаем Румянцавым, як сонечны горад. Ад цэнтра, якім была галоўная плошча, быццам сонечныя прамяні, разыходзіліся вуліцы. Гістарычная частка Гомеля захавала былую планіроўку, а таксама унікальныя па сваёй архітэктуры будынкі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, над праектамі якіх у свой час працавалі архітэктары Джон Кларк і Станіслаў Шабунеўскі.
Скарбніца Віцебшчыны
Дом Шагала
Марк Шагал нарадзіўся у Віцебску. Сям'я займала невялікі аднапавярховы дом. Мажліва, як архітэктурны помнік ён не мае вялікай каштоўнасці, але яго ведаюць ва ўсім свеце. Вучыўся маляванню Марк Шагал у Школе жывапісу і малюнка Юдэля Пэна (1906г.). У 1918 годзе Марк Шагал прызначаны камісарам Віцебскага губернскага аддзела народнай адукацыі. Тады ж узначаліў народную мастацкую школу, запрасіў на працу у Віцебск мастакоў-авангардыстаў, у тым ліку Казіміра Малевіча. Да канца жыцця ў творчасці Марка Шагала назіраліся "віцебскія" матывы і любоў да роднага дома. Вось яго словы: "У нашым жыцці, як і на палітры мастака, ёсць адзіны колер, які акрэслівае значэнне жыцця і мастацтва. Гэта колер роднага дома."